Что такое навуковы стыль беларускай
Стылі беларускай мовы, іх характарыстыка
У залежнасці ад мэт і задач, якія ставяцца і вырашаюцца ў час маўленчай дзейнасці, адбываецца адбор разнастайных моўных сродкаў, утвараюцца своеасаблівыя разнавіднасці адзінай літаратурнай мовы – функцыянальныя стылі.
Тэрмін функцыянальны стыль падкрэслівае, што разнавіднасці літаратурнай мовы вылучаюцца на аснове той функцыі (а таксама ролі і мэты), якую выконвае мова ў кожным канкрэтным выпадку. Напрыклад, абмен навуковымі поглядамі, імкненне даказаць навізну і каштоўнасць навуковых ідэй рэалізуюцца ў навуковым стылі, выкрыццё пэўнай сацыяльнай праблемы адбываецца сродкамі публіцыстычнага стылю і г. д.
У залежнасці ад розных камунікацыйна-функцыянальных фактараў у беларускай літаратурнай мове вылучаюцца наступныя стылі: гутарковы (размоўны, размоўна-бытавы), публіцыстычны, навуковы, афіцыйна-справавы. Асобна падаецца мастацкі стыль, у якім могуць спалучацца элементы ўсіх стыляў, а часам нават і нелітаратурныя моўныя сродкі.
Стылі літаратурнай мовы часцей за ўсё супастаўляюцца на аснове аналізу іх лексічнага складу, бо менавіта ў лексіцы выяўляюцца найбольш істотныя адрозненні паміж імі.
Замацаванасць слоў за вызначаным функцыянальным стылем тлумачыцца тым, што ў лексічнае значэнне моўных адзінак, акрамя прадметна-лагічнага зместу, уваходзіць і эмацыйна-стылістычная афарбоўка. Напрыклад, калі правесці супастаўленне сінонімаў: твар – аблічча, недахоп – дэфіцыт, пераробка – пераўтварэнне, плакацца – наракаць, велізарны – гіганцкі, то няцяжка заўважыць, што гэтыя сінанімічныя словы адрозніваюцца не па сенсе, а сваёй стылістычнай афарбоўкай. Першыя словы кожнай пары ўжываюцца ў размоўна-бытавым, а другія – у навукова-папулярным, публіцыстычным, афіцыйна-справавым маўленні.
Мэты паведамлення, умовы, у якіх яно будзе адбывацца, прымушаюць моўцу выбіраць такую лексіку, якая з’ўляецца найбольш дзейснай, трапнай, выразнай, эфектыўнай для дасягнення пастаўленай мэты. Такім чынам, кожнаму стылю ўласціва свая сістэма моўных сродкаў. Напрыклад, такія словы, як функцыя, значымасць, гіпотэза ўласцівы мове навукі, сотка, маршрутка, электрычка, залікоўка – размоўнаму стылю, ніжэйпадпісаны, вышэйназваны, згодна з палажэннем – афіцыйна-справавому стылю, камюніке, нота пратэсту, светапогляд – публіцыстычнаму стылю.
Важна адзначыць, што межы функцыянальных стыляў рухомыя: элементы аднаго стылю могуць ужывацца ў іншым. Так, найменш пранікальным лічыцца афіцыйна-справавы стыль, а найбольш – мастацкі і публіцыстычны.
Больш падрабязна вызначальныя характарыстыкі функцыянальных стыляў апісаны ў табліцы.
Табліца 11. Функцыянальныя стылі беларускай літаратурнай мовы
Стыль | Сфера выкарыстання | Мэта камунікацыі | Стылёвыя рысы | Моўныя сродкі |
Афіцыйна-справавы | канцылярская, юрыдычная, дыпламатычная сфера | даць дакладныя ўказанні, паведаміць інфармацыю, рэгуляваць афіцыйныя зносіны | стандартнасць, афіцыйнасць, дакладнасць, адсутнасць эмацыянальнасці, аб’ектыўнасць ацэнак | канцылярскія штампы, абстрактная лексіка, складаныя сказы |
Навуковы | сфера навукі, тэхнікі, навучання | інфармацыйнае паведамленне, тлумачэнне з’яў, абгрунтаванне ідэй | аргументаванасць, дакладнасць, лагічнасць, аб’ектыўнасць,безэмацыянальнасць, абстрактнасць, | тэрміны, абстрактная лексіка, словы ў прамым значэнні, апавядальныя сказы |
Публіцыстычны | сацыяльна-палітычная | інфармаваць, уздзейнічаць на грамадскую думку | агульназразумеласць, ацэначнасць, экспрэсіўнасць | грамадска-палітычная лексіка, метафары, рытарычныя пытанні, пабуджальныя сказы |
Мастацкі | культурнае, духоўнае жыццё грамадства | эмацыянальна-вобразнае, эстэтычнае ўздзеянне, | вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць, індывідуальнасць творчай манеры аўтара | вобразна-выяўленчыя сродкі |
Гутарковы | бытавыя зносіны, сяброўскія, сямейныя стасункі | абмен думкамі, інфармацыяй | нязмушанасць, натуральнасць, ацэначнасць, эмацыянальнасць, адсутнасць строгай лагічнасці | бытавая лексіка, словы з ацэначным значэннем, жарганізмы |
Варта адзначыць, што ва ўсіх стылях вылучаюцца падстылі, размежаванне якіх грунтуецца на дадатковых, характэрных для кожнага стылю фактарах.Так, напрыклад, разнавіднасці публіцыстычнага стылю звязаны са спецыфікай сродкаў масавай інфармацыі. У гэтым стылі можна вылучыць газетна-публіцыстычны, радыё- і тэлежурналісцкі, прамоўніцкі падстылі. Адметнасць навуковых стасункаў абумовіва вылучэнне ўласна навуковага, навукова-папулярнага і навукова-вучэбнага падстыляў [10] [11] . У афіцыйна-справавым стылі склаліся падстылі ў залежнасці ад прызначэння тэкстаў: уласна заканадаўчы (юрыдычны), дыпламатычны і канцылярскі. Асаблівасці гутарковага стылю шмат у чым залежаць ад умоў камунікацыі – афіцыйнай (размоўна-афіцыйны падстыль) і неафіцыйнай (размоўна-бытавы падстыль).
4.2. Актуальныя працэсы ў сістэме функцыянальных стыляў
Як было адзначана вышэй, межы функцыянальных стыляў не замкнутыя. Сучасныя даследчыкі заўважаюць, што сама сістэма стыляў таксама даволі гнуткая. У ёй могуць узнікаць новыя з’явы, якія афармляюцца ў стылявую разнавіднасць. Так, у функцыянальнай стылістыцы вылучаецца шэраг новых стыляў маўлення: канфесійны стыль, інтэрнэт-маўленне, стыль рэкламы.
Падставай для іх вылучэння з’яўляецца актуалізацыя або ўзнікненне такіх сфер, як рэлігійнае жыццё грамадства, інтэрнэт-прастора, піяр-тэхналогіі.
Кожнаму са стыляў уласцівы свае мэты: абслугоўваць рэлігійную сферу (канфесійны), рэалізаваць моўныя стасункі з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій (інтэрнэт-маўленне), прасоўваць прадукцыю на рынку, рабіць тавар прывабным для пакупніка (стыль рэкламы).
Аднак вылучаныя стылі пакуль што не ўключаюцца ў традыцыйную функцыянальную стылістыку. Некаторыя даследчыкі інтэрнэт-маўлення залічваюць яго да размоўнага стылю, а стыль рэкламы – да публіцыстычнага маўлення.
Разам з тым прыемна адзначыць, што ў новых стылістычных фармацыях актыўна выкарыстоўваецца беларуская мова. Гэта паказвае, што нацыянальная мова беларускага народа актыўна развіваецца, асвойвае новыя сферы функцыянавання.
4.3. Стылістыка як тэарэтычная база культуры маўлення
Тэрмін культура маўлення мае два значэнні:
1) сістэма камунікатыўных якасцей маўлення (правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, выразнасць, багацце і разнастайнасць, дарэчнасць, чыстата і лаканічнасць);
2) вучэнне пра сістэму камунікатыўных якасцей маўлення [10, с. 276 ].
У паняцце культура маўлення ўключаюцца наступныя складнікі:
1) моўны кампанент (нормы літаратурнай мовы);
2) камунікацыйны кампанент;
4) эстэтычны кампанент.
Нормы літаратурнай мовы прадугледжваюць, што пры выбары моўнай адзінкі перавага павінна аддавацца найперш нарматыўнаму, замацаванаму ў слоўніках і граматыках элементу мовы (напрыклад, правільна спі´на, а не спіна′; празо´рлівец, а не празарлі′вец і інш.).
Сутнасць камунікацыйнага аспекту заключана ў выбары моўных сродкаў, патрэбных для пэўнай канкрэтнай сітуацыі маўлення (камунікацыйнай сітуацыі).У гэтым аспекце неабходна ўлічваць падзел літаратурнай мовы на функцыянальныя стылі. Калі, напрыклад, у афіцыйна-справавым стылі натуральна ўжываюцца штампы, моўныя клішэ, то заштампаванасць публіцыстычнага маўлення – недарэчнасць, паказчык дрэннага валодання гэтым стылем.
Для кожнай сферы моўных зносін, функцыянальнага стылю, жанру абавязкова трэба выбіраць найбольш мэтазгодныя, дарэчныя для іх сродкі. Напрыклад, выкарыстанне ў размоўна-гутарковай мове размоўных, жаргонных слоў адпавядае норме. З другога боку, парушэннем стылістычнай нормы навуковага тэксту можна лічыць ужыванне ў ім вобразных сродкаў мовы, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі.
Істотны паказчык валодання культурай маўлення – здольнасць свабодна, у адпаведнасці з мэтай камунікацыі пераходзіць з адной функцыянальнай разнавіднасці на іншую (з аднаго стылю на другі).
Такім чынам, правілы выкарыстання адпаведных сродкаў для кожнай сферы маўленчай камунікацыі вызначаны ў стылістыцы, якая па гэтай прычыне з’яўляецца тэарэтычнай базай для культуры маўлення. Культура маўлення як галіна навукі на практыцы прымяняе рэкамендацыі, зробленыя лінгвістамі. Па гэтай прычыне адным з прыёмаў авалодання высокім узроўнем культуры маўлення з’яўляецца не толькі наследаванне гатовым узорам маўлення ў пэўных стылях, але і вывучэнне нарматыўных правілаў, парад і заўваг.
Этычны кампанент культуры маўлення звязаны з адпаведнасцю маўлення этычным нормам паводзін пэўнага народа. Гэтыя нормы, або інакш – маўленчы этыкет, у першую чаргу рэгулююць звароты на “ты” і “вы”, выбар поўнага або скарочанага імені: Гена або Генадзь Апанасавіч, выбар зваротаў тыпу спадар і грамадзянін і г.д.
Эстэтычны кампанент звязаны з замацаванымі ў грамадстве ўяўляеннямі аб тым, што прыгожа і што непрыгожа ў маўленні. Напрыклад, выказванне “У жыцці перад чалавекам паўстае шмат выпрабаванняў, таму нельга быць размазнёй” непрыгожае праз неэстэтычные спалучэнне рознастылёвых моўных сродкаў
Паколькі ў мовазнаўтсве прынята размяжоўваць паняцці “мова” (сістэмная сукупнасцть адзінак і правілы іх спалучэння) і “ маўленне” (жывы працэс гаварэння, непасрэднае выкарыстанне сістэмных адзінак пры пабудове выказвання)[11][12], то варта акрэсліць розніцу паміж культурай мовы і культурай маўлення.
Культура мовы – узровень развіцця, стан нацыянальнай мовы, пра які сведчаць творы мастацкай літаратуры, навуковыя працы, вусная народная творчасць, пераклады з/на ішныя мовы і г.д. Культура маўлення – адметная рыса асобы, здольнасць карыстацца нацыянальнай мовай згодна з нормамі. Памылкі, недакладнасці, адхіленні ад нормаў назіраюцца менавіта ў маўленні асобы, якая добра ці дрэнна валодае роднай мовай. Але па традыцыі часта гавораць “культура мовы”, маючы на ўвазе тое, што толькі мы пазначылі як “культуру маўлення”.
Такім чынам, культура маўлення – складаная комплексная галіна ведаў, якая вучыць правільна, дакладна, мэтазгодна ацэньваць, адбіраць і спалучаць моўныя сродкі, улічваючы змест, сітуацыю і сферу зносін, каб маўленне асобы было правільным, чыстым, дакладным, разнастайным і дарэчным. Тады вырашэнне пастаўленых мэт маўленчай камунікацый будзе эфектыўным.
5. Навуковае маўленне
Навуковае маўленне адпавядае навуковаму стылю мовы, які абслугоўвае сферы навукі, тэнікі, навучання і набліжаецца да афіцыйна-справавога стылю аб’ектыўнасцю, дакладнасцю, лаканічнасцю выкладу.
5.1. Агульныя рысы навуковага маўлення
1. Навуковая тэматыка.
2. Маналагічны характар выказвання.
3. Строгі адбор моўных сродкаў.
4. Лагічная паслядоўнасць выказвання.
Інфармацыя павінна падавацца паслядоўна, быць несупярэчлівай. Паміж асобнымі сказамі, а таксама часткамі навуковай працы павінны быць выяўлены лагічныя сувязі.
Лагічнасць дасягаецца выкарыстаннем наступных сродкаў:
— спецыяльных канструкцый тыпу спачатку трэба азначыць, неабходна спыніцца, варта пагадзіцца, зараз звернемся, спачатку адзначым, далей дакажам і інш.;
— пабочных канструкцый (па-першае, па-другое, значыць, такім чынам);
— складаных прыназоўнікаў (з прычыны, у сувязі, у выніку, у адпаведнасці з);
— злучнікаў (злучальных слоў) і прыслоўяў: таму, пагэтаму, тады, адсюль;
— прамога парадку слоў, пры якім у сказе спачатку называецца выканаўца, а потым дзеянне (сістэма фарміруе асаблівасці, перыядычны закон дазволіў абагуліць разрозненыя факты);
5. Сцісласць у выкарыстанні моўных сродкаў пры інфармацыйнай насычанасці зместу.
У навуковым тэксце шырока выкарыстоўваюцца абрэвіятуры, умоўныя скарачэнні, формулы.
6. Аб’ектыўнасць і дакладнасць
Аб’ектыўнасць выяўляецца ў выкладанні не толькі аднаго, а некалькіх поглядаў на праблему, у адсутнасці неабгрунтаваных суб’ектыўных меркаванняў пры разглядзе навуковай з’явы. Мэта любога паведамлення ў сферы навукі – выклад новых навуковых ведаў, іх доказ. З гэтай прычыны асабістыя эмоцыі немагчымыя, а аўтарскае “я” замяняецца займеннікам “мы” для падкрэслівання аб’ектыўнага стану рэчаў, а таксама для запрашэння да сумеснага дзеяння. Шырока выкарыстоўваюцца такія канструкцыі, як: на нашу думку, на наш погляд, паводле нашых назіранняў, на думку аўтара, аўтар сцвярджае, зараз звернем увагу, разгледзім, дакажам, і г. д.
Дататковая грунтоўнасць і аб’ектыўнасць дасягаецца пры дапамозе выкарыстання дакладнай фактычнай інфармацыі – лічбы, даты, уласныя назвы і інш.
7. Доказнасць навуковага выкладу.
У навуковым выступленні, у даследаванні ўсе палажэнні і гіпотэзы павінны быць аргументаванымі. Правільнасць выказаных ідэй пацвярджаецца разнастайнымі графікамі, схемамі, дыяграмамі, формуламі, ілюстрацыямі, цытаваннем аўтарытэтных даследчыкаў са спасылкамі на іх працы. Спасылкі могуць афармляцца як цытаты (тэкст бярэцца ў двукоссе[12][13], у канцы яго ставяцца квадратныя дужкі з пазначэннем крыніцы цытаты (аўтара і яго кнігі) і нумара старонкі):
Яшчэ В. Гумбальт адзначаў, што “межы майго свету – гэта межы маёй мовы” [Гумбальт, с. 10].
Крыніца цытавання можа пазначацца паводле аўтара або нумарам, пад якім стаіць кніга ў спісе выкарыстанай літаратуры. Пры паўтарэнні размешчаных побач звестак запісваецца: Там жа, с. 243 або Тамсама, с. 243. Спасылкі на электронныя крыніцы афармляюцца таксама згодна з гэтымі прынцыпамі. Правілы афармлення спасылак і спіса літаратуры змешчаны на сайце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь: http://www.vak.org.by.
Важна адзначыць, што навуковае маўленне не пазбаўлена вобразнасці, эмацыйнасці і ацэначнасці, якія, аднак, нельга параўнаць з адпаведнымі характарыстыкамі мастацкага ці публіцыстычнага маўлення. Своасаблівая экспрэсія навуковага маўлення найлепш рэалізуецца ў тэкстах навукова-вучэбнага і навукова-папулярнага падстыляў з мэтай зацікавіць чытача, актывізаваць увагу і разумовую дзейнасць.
Табліца 12. Некаторыя азначэнні ацэначнага характару, уласцівыя для навуковага стылю
Праблема | фундаментальная, актуальная, надзённая, вострая, вядучая, невырашальная, надуманая |
Пытанне | прынцыповае, спрэчнае, правамернае, важнае |
Мэта | галоўная, асноўная, рэальная |
Задача | першаступенная, канчатковая, карэнная, вузлавая |
Напрамак | вядучы, галоўны, генеральны, вырашальны, правільны, памылковы |
Вывучэнне | аб’ектыўнае, спецыяльнае, доўгатэрміновае, паглыбленае, інтэнсіўнае, усебаковае, дасканалае, уважлівае |
Даследаванне | сістэматычнае, паглыбленае, усебаковае, дэтальнае, падрабязнае, сур’ёзнае, глыбокае, актуальнае, каштоўнае |
Назіранні | аб’ектыўныя, дакладныя, дасканалыя, шматлікія, рэгулярныя, важныя, глыбокія, непасрэдныя |
Факт | агульнапрызнаны, агульнавядомы, несумненны, бясспрэчны, відавочны, пераканальны |
Інфармацыя | дакладная, вычарпальная, поўная, падрабязная, істотная, каштоўная, карысная, неабходная, аператыўная, дастатковая |
5.2 Стылістычныя сродкі навуковага маўлення
Навуковаму маўленню ўласцівы наступныя моўныя сродкі[13][14]:
1. Нейтральныя словы (ўжываюцца ва ўсіх стылях), напрыклад, характарыстыка, паветра, рухацца, адзенне, уяўляць і інш.
2. Словы ў прамым значэнні.
5. Прыметнікі у складзе тэрміналагічных словазлучэнняў: разліковы рахунак, знешні гандаль, фізічны закон.
6. Скарачэнні і абрэвіяцыя.
7. “Нанізванне” назоўнікаў у форме роднага склону: даследаванне ядраў (р.скл.) клетак (р.скл.), вывучэнне шкалы (р.скл.) тэмператур (р.скл.), працэс ацэнкі (р.скл.) карысці (р.скл) інтэрнэт-тэхналогій (р.скл.).
8. Рэчыўныя назоўнікі ў форме множнага ліку: мінеральныя воды, белыя гліны, высокаактанавыя бензіны.
9. Прыметнікі і дзеепрыметнікі ў значэнні назоўнікаў: крывая, ламаная.
10. Паўназначныя словы ў ролі злучнікаў і прыназоўнікаў: пры дапамозе, за выключэннем, на працягу, у выпадку, у выніку, у галіне, што, калі – то.
11. Канструкцыі мадальнае слова + інфінітыў: варта разгледзець, трэба звярнуць увагу, неабходна адзначыць, нельга не заўважыць.
12. Дзеяслоўныя спалучэнні (дзеяслоў + назоўнік): аказваць уздзеянне (замест уздзейнічаць), праводзіць даследаванне (замест даследаваць).
13. Формы цяперашняга часу дзеясловаў у 3 асобе: жыве, дзейнічае, функцыянуюць. Гэта так званы “цяперашні пазачасавы”, які абазначае пастаянныя ўласцівасці рэалій, а не дзеянні, што адбываюцца ў момант гутаркі.
14 Формы дзеясловаў з няпэўна-асабовым значэннем: закон фармулюецца, правіла вызначаецца.
15. Дзеясловы незакончанага трывання (у форме 3-й асобы): вынікае, патрабуе, функцыянуе, успрымае.
16. Пасіўныя канструкцыі з творным склонам: праблема разглядаецца навукоўцамі, пытанні дакладна фармулююца даследчыкам.
17. Складаназлучаныя і складаназалежныя сказы.
18. Састаўныя падпарадкавальныя злучнікі: нягледзячы на тое што; у сувязі з тым што, па меры таго як, дзякуючы таму што, у той час як.
19. Простыя сказы, ускладненыя аднароднымі членамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, адасобленымі азначэннямі і акалічнасцямі.
20. Сказы з дзеепрыслоўнымі і дзеепрыметнымі зваротамі: даследуючы гэту праблему, разглядаючы падобныя факты, аналізуемая з’ява, гукаўзмацняльная трубка.
21. Устойлівыя спалучэнні тыпу на чале, пад знакам, краевугольны камень, актуальная тэма, цікавае пытанне, уяўляе навуковую каштоўнасць і г. д.
22. Пераважнае выкарыстанне апавядальных скаў.
6. Тэрміналагічная лексіка як вядучы складнік навуковага маўлення
Сярод слоў, якія выкарыстоўваюцца ў навуковым маўленні, значнае месца займаюць тэрміны – найменні для паняццяў са сферы навукі, тэхнікі і навучання.
Перш чым вызначыць асаблівасці тэрмінаў, звернем увагу на саму сукупнасць слоў беларускай мовы, якая называецца лексікай.
*§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская мова. 11 клас |
Книга: | *§ 2-1. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 9 Декабрь 2021, 05:39 |
Оглавление
Стыль
Стыль (ад грэч. stylos — ‘завостраная палачка для пісьма’) — разнавіднасць маўлення,
якая характарызуецца асаблівасцяміадбору, арганізацыі моўных сродкаў у залежнасці ад задач камунікацыі.
Стылістыка — лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад зместу, мэты і сітуацыі выказвання, ад ужывання ў розных сферах чалавечай дзейнасці (навуцы, мастацтве, палітыцы, афіцыйных і штодзённых (бытавых) зносінах).
З улікам функцый мовы і сферы зносін адрозніваюць функцыянальныя стылі.
Функцыянальны стыль — разнавіднасць літаратурнай мовы, замацаваная за пэўнай сферай грамадска-маўленчай практыкі. Функцыянальныя стылі характарызуюцца ўжываннем моўных сродкаў у залежнасці ад знешніх, нямоўных фактараў: формы зносін (пісьмовая/вусная, маналагічная/дыялагічная), мэты зносін (волевыяўленне, паведамленне інфармацыі, эмацыянальнае і эстэтычнае ўздзеянне, камунікацыя), характару ўзаемаадносін (афіцыйны, неафіцыйны).
Выдзяляюць наступныя функцыянальныя стылі: навуковы, афіцыйны, публіцыстычны, мастацкі (стыль мастацкай літаратуры) і гутарковы.
Кожны функцыянальны стыль вылучаецца асаблівасцямі на ўзроўні лексікі, марфалогіі, сінтаксісу.
Усе моўныя стылі, акрамя гутарковага, — кніжныя. Гутарковы з’яўляецца стылем вуснага маўлення.
Практыкаванне 7
Дапоўніце схему класіфікацыі функцыянальных стыляў.
З апорай на схему раскажыце пра класіфікацыю функцыянальных стыляў.
Практыкаванне 8
Прачытайце тэкст. Як вы думаеце, чаму жанчына па-рознаму расказала сваю гісторыю ў першым і ў другім выпадку? Ахарактарызуйце, чым абумоўлены асаблівасці яе маўлення.
Там (у шумным кафэ пры абласной гасцініцы), перада мной адным, яна ні на хвілінку не бянтэжылася, нават калі расказвала пра самыя інтымныя свае пачуцці і перажыванні. Гаварыла проста, натуральна, дзе з болем, дзе з абурэннем, а дзе і з гумарам, хоць смешнага ва ўсёй гэтай гісторыі было мала.
А тут (у кабінеце сакратара абкама) ніяк не магла пачаць сваю споведзь. Нарэшце Пятро Гаўрылавіч не вытрымаў, сказаў амаль афіцыйна:
— Слухаю вас, Міхаліна Казіміраўна.
І тады яна пачала расказваць. І ўжо ў першыя хвіліны я здзівіўся: гэта быў зусім іншы расказ, больш таго — іншага чалавека. Не, яна расказвала тое ж самае, нават, калі хочаце, больш лагічна, паслядоўна і спакойна, толькі карацей — менш падрабязнасцей і менш здагадак пра думкі і намеры людзей, якія мелі дачыненне да яе лёсу. І менш даверлівасці, больш стрыманасці. Увогуле гэта натуральна: адна справа — расказваць пісьменніку, другая — сакратару абкама, у кабінеце, дзе сама абстаноўка прымушала да стрыманасці і нават да некаторай афіцыйнасці (І. Шамякін).
Паслухаем мовазнаўцаў
Вывучэнне стылістыкі ставіць галоўным чынам практычную задачу: павышэнне маўленчай культуры.
Акрэсліліся два асноўныя кірункі стылістыкі. Першы з іх — практычны, які даследуе стылістычную афарбоўку моўных сродкаў і мае справу пераважна са стылістычнымі сінонімамі. Другі кірунак — функцыянальная стылістыка — у цэнтр увагі ставіць паняцце функцыянальнага стылю, выпрацоўку ўмення ствараць выказванне з улікам абставін і мэты маўленчых зносін. Гэта «актыўная» стылістыка. Яе задача — развіваць моўную інтуіцыю праз усведамленне стылістычнай структуры кантэксту (А. Каўрус).
Стылістыка вучыць адбіраць з арсенала мовы разнастайныя сродкі ў залежнасці ад зместу выказвання, яго мэты і сітуацыі, у якой адбываецца абмен думкамі, інфармацыяй. Гэта дысцыпліна дапамагае асэнсаваць эстэтычную функцыю мовы, ролю вобразных сродкаў, стылістычна афарбаваных марфалагічных форм і сінтаксічных канструкцый.
Засваенне правіл стылістыкі садзейнічае больш уважлівым адносінам да жывога народнага слова, дазваляе пазбягаць моўных штампаў, засцерагае ад безгустоўнага спрашчэння і мудрагелістай псеўданавуковасці (А. Юрэвіч).
Стылістыка выхоўвае ўважлівае стаўленне да мовы, матывуе выкарыстанне стылістычна афарбаваных сродкаў, вучыць багаццю маўлення, асэнсоўвае функцыю слова ў мастацкім кантэксце (А. Пісарэнка).
На аснове выказванняў беларускіх вучоных, якія даследуюць праблемы стылістыкі, сфармулюйце коратка задачы стылістыкі як лінгвістычнай дысцыпліны.
Навуковы стыль
Тэксты навуковага стылю абслугоўваюць сферу навукі, тэхнікі і вучэбных зносін.
Мэта навуковага тэксту — перадаваць навуковыя веды, сістэматызаваць і класіфікаваць факты, фармуляваць пэўныя правілы і заканамернасці.
Агульныя стылёвыя рысы навуковых тэкстаў: дакладнасць, доказнасць, лагічнасць, аргументаванасць выкладу. Навуковы тэкст рэалізуе пераважна пісьмовую (маналагічную) форму маўлення, радзей — вусную (даклад, выступленне на канферэнцыі).
Асноўныя жанры навуковага стылю: навуковы артыкул, рэферат, манаграфія, даклады і выступленні на навуковую тэму.
Лексіка тэкстаў навуковага стылю характарызуецца дакладнасцю, актыўным выкарыстаннем тэрмінаў, слоў з абстрактным значэннем.
Адметнымі марфалагічнымі сродкамі з’яўляюцца: пераважнае ўжыванне назоўнікаў у параўнанні з дзеясловамі, выкарыстанне дзеясловаў у форме 3-й асобы адзіночнага або множнага ліку цяперашняга часу (вывучае, даследуе; адносяцца, належаць, ажыццяўляюць, ужываюцца), дзеепрыслоўных зваротаў (абагульняючы, аналізуючы, падсумоўваючы).
Сінтаксісу навуковых тэкстаў уласцівы прамы парадак слоў, пераважнае ўжыванне пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых і безасабовых сказаў (нагадаем, падагульнім, для правядзення эксперымента выкарыстоўваюць і г. д.). Пераважаюць складаныя сказы (у тым ліку з рознымі відамі сувязі частак). Тлумачэнні, заўвагі, паслядоўнасць выкладу думак перадаюцца з дапамогай пабочных слоў і канструкцый (паводле меркаванняў, на думку даследчыкаў, як сведчыць, па-першае, па-другое, з аднаго боку і інш.).
Разнавіднасць стылю — навукова-папулярны падстыль. Навукова-папулярныя выданні разлічаны на чытача, які не мае спецыяльнай падрыхтоўкі. З гэтай прычыны выкарыстоўваюцца агульнанавуковая лексіка, вобразныя сродкі мовы, а вузкаспецыяльныя тэрміны, як правіла, не ўжываюцца.
Практыкаванне 8-1
Прачытайце тэкст, падбярыце да яго загаловак. Назавіце тыя прыметы навуковага стылю, якія даследуе аўтар.
Якія словы называюцца інтэрнацыяналізмамі? Прывядзіце прыклады з тэксту.
• Выпішыце з тэксту дзеясловы агульнай семантыкі, вызначце іх спражэнне.
Практыкаванне 9
Прачытайце матэрыял, у якім даецца апісанне стыляў паводле асноўных прымет, па якіх характарызуецца любы стыль.
Вызначце, прыметы якіх стыляў маўлення прыведзены ў табліцы. Раскажыце з апорай на табліцу пра гэтыя стылі.
Сфера выкарыстання
Асвета, навука:
у падручніках, навуковых працах, выступленнях і паведамленнях на розныя навуковыя тэмы
Дакладнасць, доказнасць, лагічнасць, сцісласць.Мае форму маналогу.
Адносіны да з’яў і падзей не выражаны
Афіцыйныя словы і выразы. Назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў і прыметнікаў з суфіксамі -анн-, -енн-, -асць-, -ств-. Дзеясловы ў форме 3-й асобы са значэннем «так прынята рабіць».
Сказы развітыя, аднасастаўныя
Паведаміць інфармацыю, якая мае грамадска-палітычнае значэнне; уздзейнічаць на думкі і пачуцці людзей
Практыкаванне 10
Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Абгрунтуйце сваё меркаванне. Выпішыце азначэнні выдзеленых лінгвістычных тэрмінаў.
Лексічнае значэнне слова
Практыкаванне 11
Прачытайце прыведзены аналіз тэксту. Ахарактарызуйце будову тэксту паводле тыпу маўлення.
Разгледзім асаблівасці навуковага стылю, адлюстраваныя ў тэксце. Тэкст уяўляе сабой дэталёвае апісанне лінгвістычных паняццяў слова, лексічнае значэнне слова.
Лексіка тэксту характарызуецца актыўным выкарыстаннем лінгвістычнай тэрміналогіі: моўная адзінка, гукавы комплекс, намінатыўная функцыя, граматычнае значэнне, лексічнае значэнне і г. д. Пераважае абстрактная лексіка: форма, змест, сэнс, функцыя, дзеянне, працэсуальнасць, прадметнасць і г. д. Ужыванне тэрмінаў, слоў у прамым намінатыўным значэнні забяспечвае такія рысы навуковага стылю, як адназначнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць. У тэксце паўтараюцца ключавыя адзінкі слова, лексічнае значэнне, што не з’яўляецца таўталогіяй, недахопам, паколькі падкрэслівае актыўнасць ужывання тэрмінаў, немажлівасць замяніць іх сінонімамі.
На марфалагічным узроўні тэкст характарызуецца пераважным ужываннем назоўнікаў, паколькі задача аўтара — раскрыць змест лінгвістычных паняццяў. На сінтаксічным узроўні тэксту ўласцівы прамы парадак слоў у сказе (за выключэннем двух выпадкаў). Шырока ўжываюцца сказы, ускладненыя аднароднымі членамі сказа, што падкрэслівае аднатыпнасць, аднапарадкавасць моўных адзінак.
Тэкст завяршаецца дакладным, лагічным азначэннем паняцця «лексічнае значэнне», якое падсумоўвае назіранні даследчыка за зместавымі і граматычнымі прыметамі слова. Такім чынам, з улікам агульных уласцівасцей (інфармацыйнасць, лагічнасць, доказнасць), лексічных, марфалагічных і сінтаксічных прымет можна сцвярджаць, што тэкст належыць да навуковага стылю.
Раскрыйце значэнне слова таўталогія.
Пацвердзіце прыкладамі з тэксту шырокае ўжыванне сказаў, ускладненых аднароднымі членамі.
Прывядзіце прыклады ўжывання ў тэксце адваротнага парадку слоў у сказе.
Раскажыце на аснове тэксту аб стылеўтваральных магчымасцях моўных адзінак у тэксце навуковага стылю.
Практыкаванне 11-1
Прачытайце тэкст. Пісьмова сфармулюйце яго асноўную думку. Назавіце словы, словазлучэнні, якія характарызуюць лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю.
Праца над мовай, над яе ўзбагачэннем і ўдасканаленнем была і застаецца неад’емнай часткай творчай дзейнасці пісьменніка.
Мастацкая літаратура не толькі майстэрня, у якой шліфуюцца нормы літаратурнай мовы. Гэта і своеасаблівая маўленчая лабараторыя, дзе адкрываюцца і апрабоўваюцца новыя словы і сінтаксічныя канструкцыі. Адсюль многія з іх бяруць шлях у шырокі агульнанародны ўжытак.
Функцыянальна-стылістычная дыферэнцыяцыя літаратурнай мовы, разнастайнасць крыніц, з якіх яна сілкуецца (мясцовыя гаворкі, помнікі пісьменства, моватворчасць аўтараў і г. д.), несінхроннасць з’яўлення тых ці іншых моўных адзінак, пераход некаторых з іх у пасіўны запас — гэтыя і іншыя прычыны абумоўліваюць і падтрымліваюць варыянтнасць слоў, форм, сінтаксічных канструкцый (А. Каўрус).
Назавіце ўжытыя ў тэксце лінгвістычныя тэрміны, ахарактарызуйце іх значэнне (Можна выкарыстоўваць выданне: Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / пад рэд. М. В. Бірылы, П. У. Сцяцко. Мінск : Вышэйшая школа, 1990).
• Выпішыце з тэксту простыя сказы, падкрэсліце ў іх граматычныя асновы.
• Растлумачце адсутнасць працяжніка ў другім сказе.
Практыкаванне 11-2
Прачытайце. Вызначце, да якога стылю належыць тэкст Абгрунтуйце сваю думку.
Школа юнага лінгвіста з’яўляецца дадатковай формай адукацыі, якая садзейнічае больш глыбокаму і ўсвядомленаму пранікненню ў сутнасць моўных з’яў пры дапамозе аналітычнай работы над тэкстамі розных стыляў і жанраў.
Школа выступае (свое)асаблівай пляцо..кай для лінгвістычных д..скусій і на(в/?)уковага пошуку. Яе работа нала(дж/ж)ана так каб сфарміраваць навыкі пастаноўкі на(в/?)уковай праблемы умен..е выкарыстоўваць на(в/?)уковую метадалогію ў самастойнай даследчай рабоце. Яна павінна дапама..чы ў падрыхтоўцы да публічных выступлен..яў на мерапрыемствах.
Выхава..чы і развіц..ёвы аспекты рэалізую(ц/цц)а праз усталяванне больш цесных сувязей паміж старэйшым і малодшым пакален..ямі дасле(дч/чч)ыкаў што забяспечыць пераемнасць. Фармат мерапрыемстваў школы юнага лінгвіста ўключае выступлен..і і лекц..і супрацоўнікаў Інст..тута мовазна..ства па актуальны.. напрамка.. даследаван..яў абмеркаван..е самых значных акад..мічных выдан..яў знаёмства з апошнімі дасягнен..ямі ў галіне беларускага мовазна..ства правядзенне сустрэч семінараў з вучнямі і настаўнікамі.
Вучэбна-адукацыйны аспект дзейнасці школы заключаецца ў аказанні кансультацыйнай і метадычнай дапамогі, у навуковым каменціраванні па складаных праблемах беларускай лінгвістыкі, навучанні алгарытму працы са слоўнікамі розных тыпаў, даведнікамі, дапаможнікамі для школы, лінгвістычнымі атласамі, энцыклапедыямі (Паводле С. Дубовіка).
Раскажыце, якая мэта школы юнага лінгвіста, у якіх напрамках наладжана яе работа.
Спішыце другі і трэці абзацы тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары, раскрываючы дужкі і ставячы неабходныя знакі прыпынку.